понедельник, 4 февраля 2019 г.

Кніжная выстава-інсталяцыя «Малой радзімай напоўнена сэрца да краю»

У жыцці кожнага чалавека асаблівае месца займае малая радзіма. Менавіта там, дзе мы нарадзіліся і выраслі, адбываюцца найважнейшыя падзеі, якія застаюцца ў памяці на ўсё жыццё. У рамках абвешчанага 2019 Года малой радзімы ў вокнах першага паверха Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі ім. І. Х. Каладзеева аформлена кніжная выстава-інсталяцыя «Малой радзімай напоўнена сэрца да краю», якая ўключае тры раздзелы. У першым – «Усяму пачатак тут, у краі родным» прадстаўлена літаратура аб Барысаўскім раёне: фотаальбомы, кнігі з серыі «Малая радзіма: Барысаўскі раён», зборнікі артыкулаў і нарысаў аб праваслаўным жыцці регіёна, а таксама аб гістарычных і памятных мясцінах краю. Другі раздзел выставы «…Няма на зямлі ўсёй куточка мілей Барысава – горада мары маей» прысвечаны аднаму з найстаражытнейшых беларускіх гарадоў – Барысаву. Увазе гараджан і гасцей горада прадстаўлены: гістарычныя матэрыялы аб асноўных вехах развіцця нашага горада, аб яго заснавальніку - князе Барысе. Асаблівае месца займае літаратура аб размешчаных на гарадской тэрыторыі помніках і абелісках вайны 1812 года і Вялікай Айчыннай. Трэці раздзел «Наш край на таленты багаты» – гэта даніна павагі пісьменнікам, паэтам і мастакам, якія ў сваіх творах перадаюць прыгажосць роднай зямлі і, дзякуючы іх таленту, Барысаў ведаюць далёка за межамі нашай краіны. 
Упрыгожваюць кніжную выставу рушнікі, сурвэткі, льняныя, гліняныя і саламяныя цацкі з літаратурна-этнаграфічнай экспазіцыі «Бабуліна спадчына», якая размешчана ў дзіцячым аддзеле цэнтральнай бібліятэкі. 
Спадзяемся, што кніжная выстава-інсталяцыя «Малой радзімай напоўнена сэрца да краю» адчыніць для барысаўчан і гасцей горада новыя, малавядомыя старонкі з жыцця роднай Барысаўшчыны.

Комментариев нет:

Отправить комментарий